Бітва пад Нарвай (1700)

Бітва пад Нарвай
Перамога пад Нарвай, малюнак Густава Седэрстрэма (1910)
Дата: 19 (30 лістапада) 1700
Месца: Нарва (цяпер у Эстоніі)
Вынік: Перамога швэдзкага войска
Супернікі
ШвэцыяРасея
Камандуючыя
Карл XII, Карл Густаў Рэншэльд, Ота Вэлінг, Магнус СтэнбакШарль Эўжэн (Карл–Яўген) дэ Круа, Аўтамон Галавін, Іван Трубяцкой, Адам Вайдэ, Іван Бутурлін, Барыс Шэрамецеў, Якаў Даўгарукаў, Аляксандар Імэррэцінскі
Колькасьць
10 537 чалавек, 37 гарматаў, 1 800 чалавек Нараўскага гарнізону32 969 чалавек, 180 гарматаў
Страты
667 забітых, 1247 параненыхКаля 12 000 забітых і параненых, 25 000 – 30 000 капітуляваўшых, 700 палонных, 180 гарматаў, 230 сьцягоў.

Бітва пад Нарвай — адна з найбольш значных падзеяў пачатку Вялікай Паўночнай вайны (17001721). Бітва адбылася 19 лістапада (30–га па грэгарыянскім стылі) 1700 году, пад тады швэдзкім горадам–фартэцыяй Нарва і скончылася ўпэўненай перамогай швэдаў, на чале зь іх 18–гадовым каралём Карлам XII.

Аблога Нарвы

Пасьля далучэньня Расеі ў жніўні 1700 да антышвэдзкай кааліцыі, расейскія войскі рушылі да межаў Швэцыі. 12 верасьня першыя расейскія палкі былі ўжо ў некалькіх кілямэтрах ад Івангарада, а на наступны дзень камэндант фартэцыі Нарва Генінг Рудальф Горн адпраўляе свайму каралю ліст, у якім ён паведамляе, што Нарва ўзята ў аблогу расейцамі[1]. Расейскія войскі падыйшлі да швэдзкай фартэцыі ў чатыры этапы: пасьля палкоў князя Трубяцкога, 24 верасьня падыйшлі цар Пётар I і гэнерал–маёр Бутурлін, за імі — гэнерал Адам Вайдэ, і нарэшце, 2 кастрычніка — войскі галоўнакамандуючага фэльд–маршала Фёдара Галавіна і гэнерала кавалерыі Барыса Шарамецева[2]. Уся падыйшоўшая расейская армія налічвала ад 35 000 да 38 000 чалавек.

Князь Трубяцкой разьбіў свой лягер на ўзгорку Германа, адкуль ён мог кантраляваць горад і блякаваць заходні шлях. Расейцы пабудавалі ўнутраную абарончую лінію, якая складалася з чатырох рэдутаў, а таксама тылавую абарончую лінію, якая заходзіла ўглыб эстонскай тэрыторыі, да самага Кампэргольма, у якім знаходзілася штаб–кватэра Пятра I[3]. Надвор’е было вельмі кепскім: расейскія салдаты замярзалі і хварэлі, узьнікалі цяжкасьці з дысцыплінаю. Каб яе палепшыць, расейскі цар загадаў пабіваць салдатаў розгамі за кожную дробную хібу[4].

Расейцы шматразова спрабавалі атакаваць фартэцыю: у ноч на 8 лістапада яны ажыцьцявілі цэлых тры атакі, аднак кожны раз швэды пасьпяхова іх адбівалі. Разьюшаны Пётар I загадаў падвесіць на шыбеніцы кожнага дзясятага ўдзельніка гэтых няўдалых нападаў[5]. Цар ведаў, што швэдзкі кароль ужо сьпяшаецца на дапамогу абаронцам. Зь іншага боку, расейцы таксама чакалі дапамогі — корпуса гэнерала Анікіты Рэпніна. 19 лістапада Пётар прызначыў камандуючым герцага дэ Круа (нягледзячы на тое, што той спрабаваў адмовіцца ад гэткага прызначэньня), а сам, разам з фэльд–маршалам Галавіным паехаў у Маскву, дзе ён быццам мусіў сустрэцца з турэцкім амбасадарам[6]. На гэты момант Карл XII ужо знаходзіўся ў 14 кілямэтрах ад Нарвы: набліжалася вялікая бітва.

Бітва

Калі а 10 гадзіне раніцы 20 лістапада войска 18–гадовага швэдзкага караля падыйшло да Нарвы, у ім налічвалася ўсяго 10 537 чалавек і мелася 37 гарматаў[7]. Заняўшы пазыцыі на форце Германа, яны пачалі паліць з гарматаў па расейцам. Апошнія адказалі тым самым. Камандуючы левым швэдзкім флангам — правая рука Карла XII гэнерал Карл Густаў Рэншэльд — вырашыў прарваць праціўніка ў цэнтры, а швэдзкі правы фланг на чале з Ота Вэлінгам павінен быў атакаваць з поўдня лягер Трубяцкога. У сваю чаргу, войска Рэншэльда складалася зь дзьвюх частак: левай камандаваў палкоўнік Магнус Стэнбак, а правай — гэнерал Георг Юган Майдэль. Абедзьве часткі падтрымліваліся непасрэдна дзесяцьцю эскадронамі Рэншэльда[8]. Швэдзкая артылерыя таксама складалася зь дзьвюх частак: адна — на поўначы (13 гарматаў), а другая (8 гарматаў) — каля ўзгорку Германа, усяго ў 200 мэтрах ад лягеру Трубяцкога.

Расейскае войска складалася з трох частак: на правым фланзе знаходзіліся 9 026 пехацінцаў і 115 артылярыстаў гэнерала Фёдара Галавіна, у цэнтры былі 3 669 пехацінцаў і 78 артылярыстаў князя Трубяцкога, а на левым фланзе — 11 255 пехацінцаў і 128 артылярыстаў гэнерала Вайдэ[9].

А 14 гадзіне швэды пайшлі ў атаку. Нечакана падняўся моцны вецер, дзьмуўшы ў твар расейцам: з–за ўзьнікшай завірухі тыя нічога ня бачылі і палілі наздагад. Усяго праз 20 хвілін швэды ўжо дамінавалі на ўсіх трох участках і зь лёгкасьцю бралі адзін рэдут за другім. Расейцы пачалі панікаваць, некаторыя зь іх кідаліся ў ваду і танулі. Быў паранены гэнерал Вайдэ[10]. У гэтай паніцы расейцы сталі забіваць у сваіх радах этнічных немцаў: убачыўшы гэта, герцаг дэ Круа, амбасадар Саксоніі Лянген і гэнерал Галярт (Алярт) здаліся швэдам[11]. А 8 гадзіне вечара канчаткова здаўся правы фланг расейцаў на чале з князям Даўгарукавым. Бітва скончылася поўнай перамогай швэдаў.

Карл XII загадаў расейскім палонным адбудаваць мост праз Нарву, пасьля чаго адпусьціў іх на волю. Страты швэдаў у гэтай бітве склалі каля 700 забітымі і больш за 1200 параненымі, а страты расейцаў ад 8000 да 9000 забітымі, не ўлічваючы параненых[12]. Бітва пад Нарвай была адной з найбольш значных падзеяў пачатку Вялікай Паўночнай вайны. Навіна аб слаўнай перамозе маладога швэдзкага караля хутка распаўсюдзілася па ўсёй Эўропе: нават на вуліцах Парыжу можна было пачуць вокліч «Vive le roi Charles!»«Жыве кароль Карл!»[12]. Аднак, як паказаў час, яго посьпех быў нядоўгім. Не ўдалося ўтрымаць і Нарву: усяго праз 4 гады яе ўсё ж захапілі расейцы.

Бітва пад Нарвай (1700)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў


Крыніцы

  1. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.101
  2. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.102
  3. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.105
  4. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.108
  5. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.120
  6. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.121
  7. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.146
  8. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.152
  9. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.153
  10. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.159
  11. ^ Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.162
  12. ^ а б Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.177