Бітва пры Нарве

Бітва пры Нарве
Асноўны канфлікт: Вялікая Паўночная вайна
Карціна А. Кацэбу «Бітва пры Нарве»
Карціна А. Кацэбу «Бітва пры Нарве»
Дата

19 лістапада 1700 (юліянскі каляндар)
20 лістапада 1700 (шведскі каляндар)

30 лістапада 1700 (грыгарыянскі каляндар)
Месца каля сцен крэпасці Нарва
Вынік Рашучая перамога шведаў
Праціўнікі
Сцяг Швецыі Шведская імперыя Сцяг Расіі Рускае царства
Камандуючыя
Карл XII
К. Г. Рэншыльд
О. Велінг
Ю. Шоблад
А. Горн
Карл-Яўгеній дэ Круа
І. Ю. Трубяцкі
А. М. Галавін
А. А. Вейдэ
І. І. Бутурлін
Б. П. Шарамецеў
Я. Ф. Далгарукаў
А. А. Імярэцінскі
Сілы бакоў
Гарнізон Нарвы:
1900 чал.
Армія караля:
каля 9 тысяч чалавек[1]
37 гармат[2][3]
паводле розных ацэнак ад 34[4] да 40 тыс. чалавек[1][4]
195 гармат
Страты
677 забітых (у тым ліку 31 афіцэр), 1247 параненых (у тым ліку 66 афіцэраў)
Усяго:
1924 чал. (у тым ліку 97 афіцэраў)
Ад 6 да 7 тысяч забітых, смяротна параненых, патанулых і тых, хто дэзерціраваў і памёр ад голаду і марозу[5],
700 палонных (у тым ліку 10 генералаў, 56 афіцэраў)[5][6]; 195 прылад (у тым ліку 48 марцір, 4 гаўбіцы)[4], 210 сцягоў (у тым ліку 151 узята пры капітуляцыі), 20 штандараў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бітва пры Нарве — адна з найбольш значных падзей пачатку Вялікай Паўночнай вайны (17001721). Бітва адбылася 19 лістапада (30–га па грэгарыянскім стылі) 1700 года, пад тады шведскім горадам–крэпасцю Нарва і скончылася ўпэўненай перамогай шведаў, на чале з іх 18–гадовым каралём Карлам XII.

Аблога Нарвы

Пасля далучэння Расіі ў жніўні 1700 да антышведскай кааліцыі, расійскія войскі рушылі да межаў Швецыі. 12 верасня першыя расійскія палкі былі ўжо ў некалькіх кіламетрах ад Івангарада, а на наступны дзень камендант крэпасці Нарва Генінг Рудальф Горн адпраўляе свайму каралю ліст, у якім ён паведамляе, што Нарва ўзята ў аблогу рускімі[7]. Расійскія войскі падыйшлі да шведскай крэпасці ў чатыры этапы: пасля палкоў князя Трубяцкога, 24 верасня падыйшлі цар Пётр I і генерал–маёр Бутурлін, за імі — генерал Адам Вайдэ, і нарэшце, 2 кастрычніка — войскі галоўнакамандуючага фельд–маршала Фёдара Галавіна і генерала кавалерыі Барыса Шарамецева[8]. Уся падыйшоўшая расійская армія налічвала ад 35 000 да 38 000 чалавек.

Князь Трубяцкой разбіў свой лагер на ўзгорку Германа, адкуль ён мог кантраляваць горад і блакаваць заходні шлях. Рускія пабудавалі ўнутраную абарончую лінію, якая складалася з чатырох рэдутаў, а таксама тылавую абарончую лінію, якая заходзіла ўглыб эстонскай тэрыторыі, да самага Кампергольма, у якім знаходзілася штаб–кватэра Пятра I[9]. Надвор'е было вельмі кепскім: расійскія салдаты замярзалі і хварэлі, узнікалі цяжкасці з дысцыплінаю. Каб яе палепшыць, расійскі цар загадаў пабіваць салдат розгамі за кожную дробную хібу[10].

Рускія шматразова спрабавалі атакаваць крэпасць: у ноч на 8 лістапада яны ажыццявілі цэлых тры атакі, аднак кожны раз шведы паспяхова іх адбівалі. Раз'юшаны Пётр I загадаў павесіць на шыбеніцы кожнага дзясятага ўдзельніка гэтых няўдалых нападаў[11]. Цар ведаў, што шведскі кароль ужо спяшаецца на дапамогу абаронцам. З іншага боку, рускія таксама чакалі дапамогі — корпуса генерала Анікіты Рэпніна. 19 лістапада Пётр прызначыў камандуючым герцага дэ Круа (нягледзячы на тое, што той спрабаваў адмовіцца ад гэткага прызначэння), а сам, разам з фельд–маршалам Галавіным паехаў у Маскву, дзе ён быццам мусіў сустрэцца з турэцкім пасольствам[12]. На гэты момант Карл XII ужо знаходзіўся ў 14 кіламетрах ад Нарвы: набліжалася вялікая бітва.

Бітва

Калі а 10 гадзіне раніцы 20 лістапада войска 18–гадовага шведскага караля падыйшло да Нарвы, у ім налічвалася ўсяго 10 537 чалавек і мелася 37 гармат[13]. Заняўшы пазіцыі на форце Германа, яны пачалі паліць з гармат па рускім. Апошнія адказалі тым самым. Камандуючы левым шведскім флангам — правая рука Карла XII генерал Карл Густаў Рэншэльд — вырашыў прарваць праціўніка ў цэнтры, а шведскі правы фланг на чале з Ота Велінгам павінен быў атакаваць з поўдня лагер Трубяцкога. У сваю чаргу, войска Рэншэльда складалася з дзвюх частак: левай камандаваў палкоўнік Магнус Стэнбак, а правай — генерал Георг Юхан Майдэль. Абедзве часткі падтрымліваліся непасрэдна дзесяццю эскадронамі Рэншэльда[14]. Шведская артылерыя таксама складалася з дзвюх частак: адна — на поўначы (13 гармат), а другая (8 гармат) — каля ўзгорку Германа, усяго ў 200 метрах ад лагеру Трубяцкога.

Расійскае войска складалася з трох частак: на правым фланзе знаходзіліся 9 026 пехацінцаў і 115 артылерыстаў генерала Фёдара Галавіна, у цэнтры былі 3 669 пехацінцаў і 78 артылерыстаў князя Трубяцкога, а на левым фланзе — 11 255 пехацінцаў і 128 артылерыстаў генерала Вайдэ[15].

А 14 гадзіне шведы пайшлі ў атаку. Нечакана падняўся моцны вецер, дзьмуўшы ў твар рускім: з–за ўзнікшай завірухі тыя нічога не бачылі і палілі наздагад. Усяго праз 20 хвілін шведы ўжо дамінавалі на ўсіх трох участках і з лёгкасцю бралі адзін рэдут за другім. Рускія пачалі панікаваць, некаторыя з іх кідаліся ў ваду і танулі. Быў паранены генерал Вайдэ[16]. У гэтай паніцы рускія сталі забіваць у сваіх радах этнічных немцаў: убачыўшы гэта, герцаг дэ Круа, пасол Саксоніі Ланген і генерал Галарт (Аларт) здаліся шведам[17]. А 8 гадзіне вечара канчаткова здаўся правы фланг рускіх на чале з князям Далгарукавым. Бітва скончылася поўнай перамогай шведаў.

Карл XII загадаў расійскім палонным адбудаваць мост праз Нарву, пасля чаго адпусціў іх на волю. Страты шведаў у гэтай бітве склалі каля 700 забітымі і больш за 1200 параненымі, а страты рускіх ад 8000 да 9000 забітымі, не ўлічваючы параненых[18]. Бітва пры Нарве была адной з найбольш значных падзей пачатку Вялікай Паўночнай вайны. Навіна аб слаўнай перамозе маладога шведскага караля хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе: нават на вуліцах Парыжу можна было пачуць вокліч «Vive le roi Charles!»«Жыве кароль Карл!»[18]. Аднак, як паказаў час, яго поспех быў нядоўгім. Не ўдалося ўтрымаць і Нарву: усяго праз 4 гады яе ўсё ж захапілі рускія.

Крыніцы

  1. а б Hughes 1998, с. 29.
  2. Carlson F.F. Sveriges historia under konungaraa av dct pfalziska huset, 6—7. 1881—1885.
  3. Беспалов 1998, с. 42.
  4. а б в Великанов, В.С. К вопросу об организации и численности русской армии в Нарвском походе 1700 года(руск.) // Война и оружие: Новые исследования и материалы. Вторая Международная научно-практическая конференция, 18-20 мая 2011 года. — Санкт Петербург: Вимаививс, 2011. — Т. 1. — С. 130—143. — ISBN 978-5-903501-12-0.
  5. а б Беспалов 1998, с. 43.
  6. Hughes 1998, с. 30.
  7. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.101
  8. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.102
  9. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.105
  10. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.108
  11. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.120
  12. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.121
  13. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.146
  14. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.152
  15. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.153
  16. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.159
  17. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.162
  18. а б Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.177

Літаратура

  • Беспалов А.В. Северная война. Карл XII и шведская армия. Путь от Копенгагена до Переволочной. 1700-1709 (руск.). — М.: Рейтар, 1998. — 49 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-8067-0002-X.
  • Hughes L. Russia in the Age of Peter the Great (англ.). — New Haven, CT; London: Yale University Press, 1998. — xxx, 602 p. — ISBN 0-300-07539-1.

Спасылкі