Хаўмэя (карлікавая плянэта)

Хаўмэя і спадарожнікі

(136108) Хаўмэя (сымбаль: 🝻)[1]карлікавая плянэта, плютоід, транснэптунавы аб’ект (ТНА)[2]. Паводле дадзеных астраномаў з Палямарскай абсэрваторыі (Каліфорнія) мае памер, параўнальны з памерам Плютону, моцна выцягнутую форму й пэрыяд кручэньня вакол сваёй восі каля 4 гадзінаў. Мае 2 спадарожнікі з пэрыядамі звароту 18 і 49 сутак. Названая ў гонар гавайскай багіні ўрадлівасьці й дзетараджэньня[3].

Гісторыя

Аб’ект быў адкрыты ў 2005 року[4], 29 ліпеня 2005 року яму быў прысвоены папярэдні парадкавы нумар 2003 EL61 («2003» азначала дату адкрыцьця гішпанскімі дасьледчыкамі[5]). 7 верасьня 2006 року аб’ект быў занесены ў афіцыйны каталёг малых плянэтаў як (136108) 2003 EL61.

На званьне першаадкрывальнікаў гэтага аб’екта прэтэндавалі дзьве групы астраномаў: з Гішпаніі і ЗША. Міжнародны астранамічны зьвяз абраў імя, прапанаванае амэрыканцамі. 17 верасьня было абвешчана аб прысваеньні аб’екту імя Хаўмэя й прысваеньні яму статусу карлікавай плянэты[6].

Характарыстыкі

Арбіта Хаўмэі (жоўтая), супастаўленьне з арбітай Плютону (чырвоная) й экліптыкі (шэрая). Пэрыгелій (q) і афэлій (Q) акрэсленыя датамі праходжаньня. Становішча плянэтаў на травень 2009 году адзначанае сфэрамі, якія ілюструюць адносны памер і розніцу ў альбэда й колеры

Агульная маса сыстэмы Хаўмэя вызначаная па арбітах спадарожнікаў і складае 28% масы сыстэмы Плютону.

Вельмі хуткае кручэньне Хаўмэі павінна скажаць яе форму. Сапраўды, у Хаўмэі назіраюцца ваганьні яркасьці. Хоць прычынай гэтых ваганьняў можа быць неаднароднасьць паверхні (як у Плютону, у якога адхіленьні ў яркасьці дасягаюць 35%), для Хаўмэі прычынай зьмены яркасьці зьяўляецца, хутчэй за ўсё, яе выцягнутая форма[7]. Можна выказаць здагадку, што сярэдняя шчыльнасьць Хаўмэі вышэйшая, чым у яе суседзяў па поясе Койпэра — да 3 г/см³.

У гэтым выпадку памеры Хаўмэі — каля дыямэтра Плютону «ўздоўж» і ў два разы менш — «упоперак», і Хаўмэя займае трэцяе або чацьвертае месца сярод транснэптунавых аб’ектаў пасьля Эрыса, Плютону і, магчыма, Макемаке.

Спэктар Хаўмэі паказвае, што яе паверхня, як і паверхня Харону, пакрытая пераважна вадзяным лёдам.

Магчыма, гэты «ваўчок» поясу Койпэра нарадзіўся ў выніку сутыкненьня двух нябесных целаў. Большая частка лёгкіх кампанэнтаў (мэтан і вадзяны лёд) пасьля ўдару часткова зьнікла, часткова была выкінутая ў навакольную прастору й пасьля ўтварыла два спадарожнікі (магчыма, будуць адкрытыя яшчэ спадарожнікі). Гіпотэза сутыкненьня ўскосна пацьвярджаецца тым, што на падобных арбітах абарочваюцца яшчэ прынамсі тры ТНА меншага памеру з аналягічнымі Хаўмэі спэктрамі — магчыма, «аскепкі» Хаўмеі, зруйнаваныя пасьля ўдару аб’екта дыямэтрам каля 1600 км. Два іншыя ТНА-спадарожнікі, якія раней лічыліся «аскепкамі», маюць чырвоны колер і таму не адносяцца да ўдзельнікаў гэтага катаклізму. Пошук «аскепкаў» працягваецца.

У 2009 року доктар Пэдра Ласэрда (Pedro Lacerda) з Каралеўскага ўнівэрсытэту ў Бэлфасьце паведаміў пра тое, што на паверхні Хаўмэі каляровыя анамаліі — буйныя плямы, якія маюць чырвонае адценьне ў бачным дыяпазоне. Прырода й паходжаньне дадзенага аб’екту дакладна не ўстаноўленая. Меркавана гэта можа быць вобласьць навалы нейкіх мінэралаў ці арганічных злучэньняў[7]. Паводле іншай гіпотэзы «чырвоная пляма» ўяўляе сабой сьлед ад сутыкненьня Хаўмэі зь іншым нябесным целам[8].

Спадарожнікі

Дыямэтар большага спадарожніка (Хііяка) — каля 350 км, пэрыяд абарачэньня — 48,9 сутак, радыюс арбіты — 49,9 тыс. км. Другі спадарожнік (Намака) прыкладна ўдвая менш за першы, варочаецца вакол Хаўмэі па арбіце зь вялікай паўвосьсю 25,6 тыс. км з пэрыядам 18 сутак.

Гл. таксама

Крыніцы

  1. ^ JPL/NASA (2015-04-22) What is a Dwarf Planet?
  2. ^ News Release — IAU0807: IAU names fifth dwarf planet Haumea (анг.)
  3. ^ 136108 Haumea (2003 EL61) (анг.) // JPL Small-Body Database Browser, California Institute of Technology
  4. ^ Дакладней, Хаўмэя была адкрыта групай дасьледчыкаў Калтэха ў Паломарскай абсэрваторыі 28 сьнежня 2004, і ў ліпені 2005 року групай з гішпанскай абсэрваторыі Сьера Нэвада. Аб палеміцы з нагоды даты і прыярытэту адкрыцьця гл. en:Controversy over the discovery of Haumea.
  5. ^ IAUC 8577: 2003 EL_61, 2003 UB_313, 2005 FY_9; C/2005 N6 (анг.)
  6. ^ Хаумеа из внешней части Солнечной системы (рас.)
  7. ^ а б Представлено описание карликовой планеты Хаумеа (рас.) // Компьюлента
  8. ^ На планете Хаумеа открыто большое красное пятно (рас.) // Мембрана