Герцагства Бургундыя
Гістарычная дзяржава | |||||
Бургундскае герцагства | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
|
|||||
880 — 1477
|
|||||
Сталіца | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бургундскае герцагства (фр.: duché de Bourgogne) — сярэдневяковае герцагства, якое склалася на землях былога каралеўства Бургундыя, што ляжалі на захад ад Соны і адышлі паводле Вердэнскага дагавора 843 года да Францыі. Гістарычным ядром герцагства было графства Ацён, сталіцай Дыжон. Сучасныя дэпартаменты Кот-д’Ор і Сона і Луара прыкладна адпавядаюць тэрыторыі герцагства Бургундыя.
Гісторыя герцагства
Франкская Бургундыя
Паходжанне герцагства звязана з франкскім каралеўствам Бургундыя, што існавала з перапынкамі з VI па VIII стагоддзе ў якасці аднаго з трох асноўных каралеўстваў Меравінгаў, нароўні з Аўстразіяй і Нейстрыяй. Франкская Бургундыя, у сваю чаргу, займала тэрыторыю рассялення старажытнагерманскага племя бургундаў, заваяваных у 534 г. сынамі Хлодвіга I. Пасля ўтварэння імперыі Карла Вялікага гэтыя землі былі ўключаны ў склад адзінай Франкскай дзяржавы.
Маркграфства Бургундыя (843—863)
На тэрыторыі будучага герцагства ўжо ў VIII стагоддзі сталі ўтварацца графствы. Пасля разгрому арабскай арміі ў бітве пры Пуацье, у 733 годзе Карл Мартэл падпарадкаваў сабе Бургундыю, раздаўшы ўладанні сваім набліжаным. Ён утварыў графствы Шалон, дзе графам стаў Адалард[1], і Ацён, графам якога стаў Тэадэрык[2].
У 843 годзе кароль Карл Лысы перадаў графствы Ацён, Аксуа і Дэсмуа графу Гверыну (пам. 853), які ўжо валодаў у той час бургундскімі графствамі Шалон, Макон і Мермантуа, што зрабіла яго самым магутным феадалам у Бургундыі. З гэтага моманту Гверын стаў маркграфам ці маркізам Бургундыі. Яго асноўнай рэзідэнцыяй быў Шалон. Маркграфства праіснавала да 864 года, калі граф Гумфрыд (Анфруа) выказаў непадпарадкаванне Карлу Лысаму. Кароль накіраваў войскі ў Бургундыю і захапіў уладанні Гумфрыда, раздаўшы іх, а сам Гумфрыд бег спачатку ў Італію, а потым у Швабію.
У 872 годзе графства Ацён, Макон і Шалон ізноў апынуліся аб’яднаны ў руках графа Экхарда II (810—877), але цэнтрам яго ўладанняў ужо быў не Шалон, а Ацён. Пасля яго смерці графства зноў было падзелена, але ў 879 г. граф Базон В'енскі (850—887), уладальнік практычна ўсёй даліны Роны і Соны (Праванс, В’ен, Ліён, Макон, Шарале) далучыў Ацён да сваіх уладанняў. У тым жа годзе Базон быў абраны бургундскай знаццю каралём Бургундыі, што прывяло да выступлення супраць яго каралёў Францыі і Германіі. У канцы 880 года Ацён, Безансон, Шалон, Макон і Ліён былі захоплены і перайшлі пад кантроль Каралінгаў. Ацён быў аддадзены брату Базона, Рычарду Заступніку (каля 856—921), які захаваў вернасць Каралінгам. Ацёнскае графства стала ядром, вакол якога ўтварылася Бургундскае герцагства. Паслядоўна атрымаўшы Невер, Асер, Сенс і Труа, Рычард значна павялічыў свае ўладанні. Акрамя таго да 898 годзе сюзерэнітэт Рычарда прызнавалі сямнаццаць з васямнаццаці бургундскіх графстваў (акрамя Макона, які належаў герцагу Аквітаніі Гільёму I), і кароль Карл III прызнаў за ім тытул маркграфа Бургундыі, у 918 — герцага Бургундыі.
Герцагства Бургундыя ў канцы IX — першай палове X ст.
Рычард быў вельмі прыкметнай фігурай у гісторыі Францыі. Быўшы прыхільнікам Каралінгаў, Рычард падтрымліваў Карла Дурнаватага, што прывяло яго да супрацьстаяння з Раберцінамі і графам Вермандуа. Стаўшы самым магутным феадалам у Бургундыі, ён абвясціў сябе маркізам Бургундыі, што было прызнана каралём Эдам у 898 годзе, а ў 918 кароль Карл прызнае за Рычардам тытул герцага Бургундыі. Ён распаўсюджвае свой кантроль таксама на біскупствы Ацён, Лангр і Труа. Паколькі каралём Верхняй Бургундыі быў брат жонкі Рычарда, Рудольф I, а каралём Ніжняй Бургундыі пляменнік, Людовік III, сувязі паміж двума каралеўствамі і герцагствам былі вельмі цеснымі.
Пасля смерці караля Эда ў 898 г. Рычард мог прэтэндаваць на каралеўскі тытул, але ён падтрымаў Карла Дурнаватага. Пачынаючы з 901 года Рычард займаў у каралеўскім савеце першае месца.
Тым часам пачасціліся набегі нарманаў на Францыю. У 888 годзе яны дайшлі да Бургундыі, дзе спустошылі горад Без'е. У 892 і 898 Рычард змог паспяхова адбіць чарговыя набегі нарманаў, а ў 911 у саюзе Робертам Нейстрыйскім і Эблем дэ Пуацье разбіў нарманаў пад правадырствам Ралона пры Шартры. У 918 г. Рычард быў абвешчаны герцагам Бургундыі. Сталіцу ён перанёс з Ацёна ў Дыжон.
Пасля смерці Рычарда ў 921 г. яго спадчыннікам стаў старэйшы сын Рауль, а другі сын, Гуга Чорны, стаў архі-графам Бургундыі[3]. Пасля гібелі караля Роберта I у бітве пры Суасоне ў 923 годзе, шэраг буйных феадалаў каралеўства, не жадаючы перадаваць карону Карлу Дурнаватаму, арганізавалі выбары караля. Гуга Вялікі, сын Роберта, разважліва адмовіўся ад кароны (ён асцерагаўся, што, калі пакіне свае графствы, страціць свой уплыў на магнатаў). Пасля гэтага выбар баронаў паў на Рауля Бургундскага, жанатага на дачцэ Роберта, і 13 ліпеня 923 года ён быў каранаваны ў Сен-Медары дэ Суасон.
Увосень 924 г. у Бургундыю з паўночнага захаду ўварваліся нарманы на чале з герцагам Ралонам, рабуючы ўсё на сваім шляху. Кароль Рауль тым часам знаходзіўся ў Латарынгіі, а дарогу арміі заступілі графы Манасія II Лангрскі і Гарнье дэ Труа. У выніку Гарнье загінуў, але напад быў адбіты з дапамогай Гуга Вялікага і Рауля, якія падаспелі на дапамогу. Нарманы былі разбіты, і Рауль пераследваў іх да Нармандыі, пакуль Ралон не запытаў міру. У абмен на яго абяцанне спыніць разбойніцкія набегі Рауль дараваў яму шэраг тэрыторый. У канцы таго ж года, 6 снежня 924 года, Рауль пры Шальмоне нанёс страшнае паражэнне іншаму правадыру вікінгаў, Рагенольду. У тым жа годзе Рауль правёў у Ацёне і Шалоне некалькі асамблей, каб нейтралізаваць бургундскіх сеньёраў, перш за ўсё графа Шалона Жыльбера.
Улетку 925 года нарманы зноў парушылі мір. Рауль з дапамогай Герберта II дэ Вермандуа, Эльго дэ Панцьё, Арнульфа I Фландрскага і яго брата Адалольфа Булонскага зноў атрымлівае буйную перамогу. Аднак у наступным годзе нарманы ўзялі рэванш і ў бітве пры Фокембергу (каля Тэруана) разбілі каралеўскае войска. У гэтай бітве загінуў Эльго дэ Панцьё, а Рауль, цяжка паранены, адступіў да Лана. Нарманы спустошылі землі да самых граніц з Латарынгіяй.
У 926 годзе памёр Ражэ I, граф Лана, і Герберт II дэ Вермандуа запатрабаваў графства Лануа для свайго старэйшага сына, Эда. Рауль запярэчыў гэтаму, але ўрэшце саступіў са страху, што Герберт II вызваліць Карла Дурнаватага, якога ён трымаў у няволі ў Пероне.
Пасля смерці Карла Дурнаватага, якая адбылася 7 кастрычніка 929 года, пазіцыі Рауля значна ўмацаваліся. Шэраг буйных васалаў кароны прызнаюць яго каралём. Так, у 930 годзе герцаг Вільгельм Доўгі Меч, які змяніў свайго памерлага бацьку Ралона, прынёс яму амаж. Таксама прысягнуўся Раулю яго кузен, граф В'ена Карл-Канстанцін, дзякуючы чаму ў сферу ўплыву французскага каралеўства ўвайшлі Ліянэ і В'енуа.
Аднак Герберт II дэ Вермандуа не супакоіўся і ў гэтым жа годзе захапіў замак Вітры-ан-Пертуа, які належаў Базону, малодшаму брату Рауля. У адказ на гэта Рауль у саюзе Гуга Вялікім распачаў вайну з Гербертам II. У 931 годзе іх аб’яднаная армія пракралася ў Рэймс і прагнала архібіскупа Гуга, сына Герберта II. Герберт II саступіў і аддаў Вітры, Лан, Шато-Цьеры і Суасон. Аднак неўзабаве ён атрымаў дапамогу ад караля Генрыха I Птушкалова і спустошыў землі вакол Рэймса і Лана. Вайна скончылася тым, што Рауль вярнуў Герберту II усе землі за выключэннем Рэймса, Шато-Цьеры і Лана.
У 931/932 г. Рауль быў вымушаны падушыць мяцеж графаў Шалона Жыльбера і Сенса Рычарда, выкліканага канфіскацыяй каралём замка Авалон.
У 935 годзе ў Шампань і Бургундыю ўварваліся венгры. Рауль нанёс ім паражэнне і адкінуў іх за межы свайго каралеўства. У тым жа годзе Рауль заключыў пагадненне з каралём Германіі Генрыхам Птушкаловам адносна Латарынгіі, якая засталася ў складзе Германіі. Брат Рауля, Базон, які валодаў у Латарынгіі абацтвамі Мармуцье і Рэмірмон, а таксама шэрагам іншых зямель, прынёс прысягу каралю Генрыху. Тады ж Рауль прызначыў Базона, сына графа Сенса Гарнье, віконтам Дыжона.
15 студзеня 936 года, пасля 13 гадоў неспакойнага валадарання, кароль Рауль раптам памёр у Асеры ад «заразнай хваробы». У Бургундыі яго спадчыннікам стаў брат Гуга, які не стаў прэтэндаваць на каралеўскі тытул. Акрамя герцагства Бургундыя ён валодаў графствамі Макон і Ліён.
Гуга адмовіўся прызнаць каралём Людовіка IV. Людовік і Гуга Вялікі захапілі Лангр і Паўночную Бургундыю. Позняй восенню Гуга Чорны заключыў мір з каралём, паводле якога шэраг графстваў у Паўночнай Бургундыі (Асер, Труа, Сенс) адышлі да Гуга Вялікага, а Паўднёвая Бургундыя з Ланграм, Дыжонам і абацтвам Сен-Жэрмен засталіся ў руках у Гуга Чорнага. У 937 г. Гуга Чорны падтрымліваў караля ў паходах у Латарынгію, а таксама ва ўварванні ва ўладанні на іншым беразе Соны (будучае графства Франш-Кантэ), скарыстаўшыся маленствам караля Бургундыі Конрада. Але пасля ўварвання караля Германіі Атона I у 940 г. Гуга быў вымушаны здацца і абяцаць Атону заставацца ўбаку ад барацьбы.
Пасля смерці Гуга Чорнага ў 952 г. герцагства перайшло да яго швагра Жыльбера дэ Вержы, графу Шалона. Але ў яго не было сыноў, таму яшчэ пры жыцці Жыльбер перадаў усе правы на герцагства Гуга Вялікаму, які ажаніў са старэйшай дачкой Жыльбера, Ліегардзе, свайго другога сына Атона, які ў выніку атрымаў у спадчыну пасля смерці Жыльбера ў 956 г. Бургундыю. Другая дачка, Адэлаіда, выйшла замуж за Ламберта, малодшага сына Роберта, віконта Дыжона, якому прынесла Шалон.
Герцагства ў другой палове X стагоддзя пад кіраваннем Раберцінаў
Праз 2 месяца пасля смерці герцага Жыльбера памёр Гуга Вялікі, пакінуўшы трох малалетніх сыноў (Гуга Капета, Атона і Эда-Генрыха), апекуном якіх стаў герцаг Нармандыі Рычард I. Паколькі Атон быў непаўналетнім, кароль Францыі Лотар далёка не адразу пагадзіўся дараваць таму інвестытуру на герцагства.
У 957 годзе ў Бургундыі ўспыхнуў мяцеж графа Мо Роберта I, які быў жанаты з малодшай дачкой Жыльбера, Адэллю/Веры, і прад'явіў права на частку Бургундыі. Кароль Лотар пачаў паход у Бургундыю, у выніку чаго Роберт быў вымушаны падпарадкавацца і здацца на літасць караля. У выніку Роберту, мяркуючы па ўсім, дасталася графства Труа.
У пачатку 958 года паўстаў іншы бургундскі сеньёр. Рауль, віконт Дыжона, старэйшы брат графа Шалона Ламберта, вырашыў павялічыць свае ўладанні за кошт спадчыны Жыльбера. Ён захапіў жонку Атона Ліегарду, а таксама замок Бон. Паводле слоў храніста, ён ажаніўся з ёй. Але гэта дзёрзкая задума поспеху не мела, 1 мая Атон атрымаў назад Бон і жонку.
Увосень 958 года кароль Лотар пачаў новы паход у Бургундыю. 11 лістапада ў вёсцы Марзі пад Неверам была сабрана асамблея, варожая герцагу Аквітаніі Гільёму Кудлатаму, дзе кароль вырашыў падтрымаць прэтэнзіі Раберцінаў на герцагства Аквітанія. Але неўзабаве паміж каралём і Гуга Капетам адбыўся раскол, паколькі кароль вырашыў прысвоіць сабе некалькі бургундскіх гарадоў, у тым ліку Дыжон. Ён паводзіў сябе ў Бургундыі як суверэнны кіраўнік. Гэта прывяло Раберцінаў у лютасць. Толькі ўмяшанне Бруна, герцага Латарынгіі, які даводзіўся ім дзядзькам і спешна прыбыў у Бургундыю з Латарынгскай арміяй, дазволіла пазбегнуць вайны. Прымірыць праціўнікаў яму не ўдалося, але было заключана перамір'е.
У 959 годзе зноў паўстаў Роберт, граф Труа, які намагаўся дамагчыся вяршэнства ў Бургундыі. Ён захапіў Дыжон, які стаў у гэты час самым значным горадам у герцагстве. Ён змог выгнаць каралеўскі гарнізон. Кароль Лотар быў вымушаны запытаць дапамогі Бруна. У кастрычніку французская і латарынгская арміі аблажылі Дыжон, але неўзабаве на дапамогу Рычарду прыйшоў яго сын Аршамбо, архібіскуп Санса, разам з графам Санса Рэнарам Старым, якія разбілі саксонскую армію. Бруна быў вымушаны вярнуцца ў Латарынгію, зняў аблогу і Лотар. Ваенныя дзеянні былі адноўлены ўвосень 960 г. Лотар аблажыў Дыжон, Бруна — Труа. Толькі ў канцы 960 года Лотар змог захапіць Дыжон.
У 960 годзе Бруна ўдалося памірыць Лотара і Раберцінаў. Гуга Капет і Атон прынеслі каралю прысягу вернасці. У выніку Атон 7 красавіка 961 года нарэшце то атрымаў Бургундскае герцагства. Але рэальна ў Бургундыі Атону належалі толькі графствы Ацён, Бон і Невер. Уся астатняя Бургундыя была падзелена на мноства цалкам незалежных ад герцага графстваў — Шалон, Дыжон, Макон, Танер, Труа, Санс і інш. Таксама вялікія ўладанні мелі біскупы Асера, Лангра і Шалона. З прычыны гэтага, герцаг Бургундскі быў значна слабейшы за караля, які меў у герцагстве адчувальны ўплыў. Ён захаваў за сабой галоўны горад герцагства Дыжон, а таксама Лангр. Ён прызначаў архібіскупаў Санса, біскупаў Лангра і Асера.
Атон памёр 23 лютага 965 года бяздзетным. Бургундскія сеньёры, не пацікавіўшыся меркаваннем караля, выбралі сваім герцагам малодшага брата Атона Эда-Генрыха (каля 948—1002). Да гэтага з 956 года ён валодаў графствам Невер. Кароль, які меў свае планы на Бургундыю, ізноў пасварыўся з Раберцінамі. Толькі ў верасні Бруна, незадоўга да сваёй смерці, змог прымірыць сваіх пляменнікаў. Хутчэй за ўсё тады Лотар зацвердзіў герцагства за Эдом-Генрыхам.
У 967 годзе кароль Лотар ізноў пабываў у Бургундыі. 30 жніўня ў Дыжоне перадаў біскупу Лангра Ашарду графства Лангр.
У 971 годзе Эд-Генрых даў прытулак у Ацёне былому каралю Італіі Адальберту II Іўрэйскага з жонкай і сынам. У тым жа годзе ён зблізіўся з графам Шалона Ламбертам, які стаў яго сябрам да самай смерці. Гэты саюз быў замацаваны пасля смерці Адальберта, калі ў 972 годзе Эд-Генрых ажаніўся з яго ўдавой Гербергай, дачкой Ламберта. Акрамя таго, Эд-Генрых выхаваў сына Адальберта, Ота-Гільёма, прызначаўшы яму герцагства пасля сябе (сваіх сыноў у яго не было). У 973 годзе біскуп Лангра саступіў герцагу замак Шацільён-сюр-Сьен.
У 976 годзе Эд-Генрых жаніў свайго пасерба на Эрментрудзе дэ Русі, удаве графа Абры II, дзякуючы чаму ён у 982 годзе атрымаў у спадчыну графствы Макон і Отр-Саон (d’Outre-Saône ). У 978 годзе Эд-Генрых пачаў разам з каралём Лотарам паход супраць імператара Атона II.
У 978 г. Эд-Генрых перадаў свайму пасербу Ота-Гільёму графства Невер. У тым жа годзе швагер Ота-Гільёма, Бруна дэ Русі, стаў графам-біскупам Лангра. У 982 годзе, пасля смерці двух сыноў Абры II, Ота-Гільём атрымаў у валоданне графства Макон. У 986 годзе Эд-Генрых зрабіў Ота-Гільёма сваім намеснікам і графам Бургундыі. Да 987 годзе Ота-Гільём распаўсюдзіў сваю ўладу на абодва берагі Соны. У 989 годзе ён перадаў графства Невер свайму зяцю Ландры.
Пасля смерці сваёй жонкі Гербергі Эд-Генрых ажаніўся другі раз — з Герсендай, дачкой герцага Гасконі Гільёма II. Гэты шлюб выклікаў незадаволенасць Ота-Гільёма, які асцерагаўся за сваю спадчыну. Але ў 996 годзе Эд-Генрых развёўся з Гарсендай, адправіўшы яе на радзіму.
Далучэнне герцагства да французскага каралеўства
Эд-Генрых памёр 15 кастрычніка 1002 года бяздзетным. Бургундская знаць выбрала новым герцагам Ота-Гільёма. Яго прызналі граф Невера Ландры, граф-біскуп Лангра Бруна. У падпарадкаванні Ота-Гільёма апынуліся Ацён, Авалон, Дыжон і Бон. Ландры, акрамя таго, скарыстаўшыся адсутнасцю графа Шалона і біскупа Асера Гуга, захапіў Асер.
Але кароль Францыі Роберт II не прызнаў герцагам Ота-Гільёма, лічачы сябе спадчыннікам свайго дзядзькі. Падтрыманы графам Шалона Гуга і герцагам Нармандыі Рычардам II, кароль аблажыў Асер. Але, не здолеўшы ўзяць яго, саюзнікі вярнуліся ў Парыж. Ваенныя дзеянні аднавіліся ў 1004 годзе. Каралеўская армія ўзяла Авалон, кантраляваны людзьмі Ландры Неверскага, пасля трохмесяцовай аблогі. У выніку Ота-Гільём быў вымушаны падпарадкавацца каралю Роберту. За ім былі прызнаны ўладанні і тытул графа Бургундыі, а таксама ён захаваў свае правы на шэраг графстваў, якія ўваходзілі ў склад герцагства Бургундыя (Бамон, Фувен, Ашэрэ).
У пачатку 1005 года кароль аблажыў Асер, і Ландры капітуляваў. У абмен на прызнанне Роберта ён змог выгандляваць сабе тытул графа Асера і дамовіцца пра шлюб свайго сына Рэно і дачкі Роберта Адэль.
Да 1006 годзе бакі канчаткова памірыліся, што было замацавана шлюбам сына Ота-Гільёма, Рэно, з дачкой Рычарда II Нармандскага. Бургундскае герцагства апынулася ў падпарадкаванні караля Роберта. Ён не абвясціў сябе герцагам, паколькі кароль не можа быць уладальнікам апанажу, але і не прызначыў нікога герцагам. Аўтаномію захавала толькі графства-біскупства Лангр.
У 1015 годзе Роберт II умяшаўся ў канфлікт у Сенсе паміж графам Рэнарам і архібіскупам Ліеры, за кантроль над горадам. У выніку ў красавіку Роберт захапіў горад, далучыўшы яго да каралеўскага дамена. Само графства Санс было далучана да каралеўства ў 1055 годзе. Тады ж Роберт паспрабаваў захапіць і Дыжон, кантраляваны архібіскупам Лангра. Толькі ўмяшанне абата Клюні Адзілона перашкодзіла каралю. Але ў пачатку 1016 года памёр архібіскуп Бруна. Новы архібіскуп Лангра Ламберт перадаў Дыжон каралю, адмовіўшыся ад сваіх правоў на яго. У выніку графства Дыжон было ліквідавана, а горад Дыжон стаў сталіцай герцагства.
У 1017 годзе Роберт прымусіў знаць прызнаць герцагам Бургундыі свайго другога сына Генрыха. Але пасля смерці старэйшага брата Гуга ў 1026 годзе Генрых стаў спадчыннікам прастола. Ён быў каранаваны бацькам у Рэймсе. Але супраць яго выступіў малодшы брат Роберт, падтрыманы маці. Кароль паспрабаваў памірыць сыноў, але ў выніку яны аб’ядналіся і выступілі супраць яго. Але ў выніку Роберту ўдалося захапіць Бургундыю, пасля чаго сыны падпарадкаваліся яму.
У 1028 годзе ў Бургундыі быў жорсткі голад. У 1030 годзе Генрых і Роберт ізноў паўсталі супраць бацькі, які быў вымушаны схавацца ў Бургундыі ў свайго зяця Рэно Неверскага. Праз некалькі месяцаў яны памірыліся.
Пасля смерці Роберта II у 1031 годзе яго спадчыннікам стаў Генрых I. Але супраць яго паўстаў малодшы брат Роберт, якога падтрымалі маці і граф Блуа Эд II. Саюзнікамі Генрыха былі герцаг Нармандыі Роберт I, граф Анжу Фульк III Нера і граф Фландрыі Бадуэн IV. Міжусобіца працягвалася 2 гады. Толькі ў 1034 годзе быў заключаны мір, у выніку чаго герцагства Бургундыя было перададзена Роберту, які стаў родапачынальнікам Старэйшага Бургундскага дому.
Бургундыя пад кіраваннем Старэйшага Бургундскага дому (1034—1361)
Сваяцтва герцагаў Бургундскіх дынастый, якія бяруць пачатак ад Роберта, і французскіх каралёў, верагодна і тлумачыць добрыя адносіны, які ў цэлым падтрымліваліся бургундскім васалам са сваім сюзерэнам.
У часы Філіпа-Аўгуста герцаг Гуга III на кароткі момант вырашыў аб’яднацца з ворагамі караля. Каралеўскае войска ўвайшло ў Бургундыю, узяло ў 1186 годзе Шаціён-сюр-Сен і захапіла ў палон спадчынніка герцага. Апошні ў той жа час заключыў мір з каралём Францыі. Трохі пазней Гуга III суправаджаў караля Філіпа ў крыжовы паход на Усход.
З гэтага часу і да канца дынастыі герцагі Бургундскія не перастаюць быць вернымі васаламі кароны.
Бургундыя Валуа (1363—1477)
У познім Сярэднявеччы герцагства Бургундыя вылучылася ў 1363 годзе з Францыі. З поўдня яно межавала з Савояй, на паўднёвым захадзе з Авернь.
Ужо пры Філіпе II Бургундыя паглынула Фландрыю і Нідэрланды. Заходняй граніцай Бургундыі заставалася Шампань. Сталіцай Бургундыі быў Дыжон.
У Стогадовай вайне падтрымлівала спачатку Англію. Але пасля Араскага дагавора 1435 года перайшла на бок Францыі.
У 1430 годзе Бургундыя пашырылася за кошт герцагства Брабант, у 1456 годзе — герцагствы Люксембург. Апошнім значным герцагам Бургундыі быў Карл Смелы, пасля яго смерці ў 1477 годзе Бургундыя была падзелена паміж Францыяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй (Франш-Кантэ і Фландрыя).
Гл. таксама
- Спіс герцагаў Бургундыі
- Графства Ацён
- Бургундскія Нідэрланды
Зноскі
Літаратура
- Лот Ф. Последние Каролинги. — СПб.: Евразия, 2001.
Спасылкі
Герцагства Бургундыя на Вікісховішчы |