Навальніца

Навальні́ца — складаная атмасферная з'ява, неабходнай часткай якой з'яўляюцца шматразовыя электрычныя зарады паміж хмарамі альбо паміж хмарай і зямлёй (маланкі), якія таксама суправаджаюцца гукавой з'явай — громам.

Прырода навальніц

Навальніца звязана з развіццём магутных кублавата-дажджавых воблакаў, што таксама звязана з моцнай хісткасцю стратыфікацыі паветра пры высокім утрыманні вільгаці. З гэткай прычыны навальніца суправаджаецца моцнымі шквалістымі вятрамі і залевай, а часам разам з градам. У той самы час навальніца — з’ява адносна нядоўгатэрміновая, кожная навальніца рэдка цягнецца больш за 2 гадзіны. Вылучаюць навальніцы франтальныя і унутрымасавыя.

Геаграфія навальніц

Размеркаванне навальнічных разрадаў па паверхні Зямлі.

Адначасова на Зямлі дзейнічае каля паўтары тысяч навальніц, сярэдняя інтэнсіўнасць разрадаў ацэньваецца як 46 маланак у секунду. Па паверхні планеты навальніцы размяркоўваюцца нераўнамерна. Над акіянам навальніц назіраецца прыблізна ў дзесяць разоў менш, чым над кантынентамі. У трапічнай і субтрапічнай зоне (ад 30° паўночнай шыраты да 30° паўднёвай шыраты) засяроджана каля 78 % усіх маланкавых разрадаў. Максімум навальнічнай актыўнасці прыпадае на Цэнтральную Афрыку. У палярных раёнах Арктыкі і Антарктыкі і над палюсамі навальніц практычна не бывае. Інтэнсіўнасць навальніц ідзе за сонцам: максімум навальніц прыпадае на лета (у сярэдніх шыротах) і дзённыя пасляпаўдзённыя гадзіны. Мінімум зарэгістраваных навальніц прыпадае на час перад узыходам сонца.

На навальніцы ўплываюць таксама геаграфічныя асаблівасці мясцовасці: моцныя навальнічныя цэнтры знаходзяцца ў горных раёнах Гімалаяў і Кардыльераў[1].

Меры бяспекі

Пры навальніцы рэкамендуецца зачыняць вокны, не карыстацца электрапрыборамі, на вуліцы не шукаць схованку пад дрэвамі або лініямі электраперадачы. У час навальніцы катэгарычна забаронена купацца і лепш адысці далей ад вадаёма. Аўтамабілістам не трэба запраўляць машыну ў час навальніцы, а непагоду лепш перачакаць у салоне.

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Навальні́ца // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 511. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі