Нотадрукаванне
Нотадрукава́нне — паліграфічнае размнажэнне нотных тэкстаў. Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для нотадрукавання: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спецыяльнымі знакамі, фотамеханічныя спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.
Гісторыя
Вядома з другой паловы XV ст. У першых друкаваных царкоўных кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй. Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў Ульрых Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Фамы Нігера (1480, Венецыя).
Да XVII ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» Атавіяна Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 годзе Атавіяна Петручы вынайшаў рухомыя металічныя шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 французскі друкар П. Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П'ерам Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невялікая частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку.
У 1754 годзе Імануэль Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з З частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла узнаўляць любыя акорды. З ускладненнем музычнай фактуры ў XVIII ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў Сімонэ Веровіа ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца XVIII ст. ноты друкавалі непасрэдна з металічных дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на металічныя формы для плоскага друку.
У Расіі маскоўскі арганіст XVII ст. Сымон Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 Сцяпан Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—1772). Свецкія музычныя творы да 1770-х гг. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І. Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—1818, Астрахань).
Беларусь
На Беларусі нотадрукаванне вядома з сярэдзіны XVI ст. Ноты друкаваліся ў Берасці (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец XVI — 1-я чвэрць XVIII ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я гг.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У XVII ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найбольш ранніх у Еўропе — «Берасцейскі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы XVI — пачатку XVII ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў. У XVII—XIX стст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны.
У 1850 — пачатку 1860-х гг. А. Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія музычныя творы беларускіх кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К. Марцінкевіч, Ф. Міладоўскага, яго ж зборнік «Польскія песні» і інш.
Літаратура
- Нотадрукаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх