Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—10 см з загнутым уніз краем, акругла-пукатая, потым лейкападобная. У рыжыка хваёвага афарбоўка шапкі маркоўна-рыжая з канцэнтрычнымі кругамі, мякаць шчыльная з аранжавым млечным сокам, са смалістым смакам і пахам, на зломе зелянее. У рыжыка яловага — больш бледная, зеленавата-рыжая, мякаць крохкая. Пласцінкі прырослыя, жоўта-аранжавыя, пры дакрананні і на зломе бурэюць. Ножка цыліндрычная, усярэдзіне пустая. Споры шырокаавальныя, светла-крэмавыя.
Пашырэнне
Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі з ліпеня па верасень трапляюцца дзве формы рыжыкаў: у яловых лясах — яловы, у хваёвых лясах — хваёвы.
Сержанина Г. И., Змитрович И. И. Макромицеты. Иллюстрированное пособие для биологов (руск.) / Под ред. Н. А. Дорожкина. — Мн.: Вышэйшая школа, 1978. — С. 168—169. — 192 с. — 60 000 экз.