Харымкатан
Харымкатан | |
---|---|
руск. Харимкотан | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 41,6 км² |
Насельніцтва | 0 чал. |
Размяшчэнне | |
49°07′ пн. ш. 154°32′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Харымката́н (руск.: Харимкотан) — востраў у Вялікай градзе Курыльскіх астравоў. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад Сахалінскай вобласці Расіі. Плошча — 41,6 км²[1].
Прырода
Востраў мае вулканічнае паходжанне. У цэнтры ўзвышаецца актыўны вулкан Севергіна (1213 м) з разбуранай вяршыняй. Вывяржэнні зафіксаваны ў 1713 і 1933 гадах. Горны масіў фарміруе стромкія ўцёсы. На захадзе бераг спадзісты, утвораны пясчанымі выдмамі, згладжаны струменем застылай лавы. Уздоўж яго цягнецца камяністы пляж.
На востраве маюцца дзве ракі з пітной вадой, некалькі малых бяссцёкавых азёр.
Расліннасць пераважна разнатраўная, лугавая, у тым ліку зараснікі ару, высокай травы з ядомым карэннем, і баршчэўніка. Сустракаюцца кедр, рабіна, ягаднікі. Вакол вострава да глыбіні 14—27 м — зараснікі марской капусты.
Распаўсюджаныя жывёлы — лісы, грызуны, ластаногія, птушкі.
Гісторыя
У старажытнасці Харымкатан быў населены айнамі. Разбураныя рэшткі іх вёскі да нашых дзён знаходзяцца на паўночным захадзе вострава. На мове айнаў назва Арамакутан значыла «сёмы».
У XVIII—XIX стагоддзях з’явіліся першыя апісанні Харымкатана ў Расіі і Японіі. У 1875—1945 гадах належаў Японіі. Мясцовыя айны былі выселены на востраў Хакайда, дзе нашчадкі карэнных харымкатанцаў жывуць да нашага часу. У 1920—1930-я гады створана малое японскае паселішча, у якім жыла сям'я Такакі, якая апісала вывяржэнне вулкана Севергіна. У 1930-х гадах уладкаванне вялі палонныя кітайцы. Сустракаліся таксама развітальныя надпісы палонных з СССР (1939—1941 гг.).
Пасля Другой сусветнай вайны востраў далучаны да Расійскай Федэрацыі. Некаторы час на ім знаходзілася жылое паселішча Севергіно. Зараз ненаселены.